СМАЛЕ́НСКАЯ ШКО́ЛА ДО́ЙЛІДСТВА школа стараж.-рус. культавага дойлідства 12—13 ст. ў г. Смаленск. Да 1180-х г. развівалася ў рэчышчы кіеўскай арх.буд. традыцыі. З канца 12 ст. пад уплывам Полацкай школы дойлідства набыла новыя рысы і кампазіцыйныя схемы. У адрозненне ад полацкіх смаленскія храмы мелі звонку 2-ступеньчатыя пілястры з тонкімі паўкалонкамі, сцены паміж прытворам і малельнай залай адсутнічалі, што ўзмацняла стоўпападобнасць і верт. ўзнёсласць. Яскравы яе ўзор — 1-купальная 1-апсідная царква Міхаіла Архангела (Свірская; 1191—94, выш. ўнутры 35 м); яе высокі цэнтр. аб’ём мае 3-лопасцевае завяршэнне, барабан размешчаны на адмысловым п’едэстале. У ніжняй ч. храма пабудаваны нізкія прытворы. У выніку археал. даследаванняў (1970-я г., арх. П.​А.​Рапапорт) выяўлены рэшткі кампазіцыйна аналагічных храмаў царкве Архангела Міхаіла (сабор Троіцкага манастыра на Клоўцы, цэрквы Пятніцкая, Спаская і інш.). Некат. храмы мелі галерэі (цэрквы на Малой Рачаўцы, 6-слуповая на Уваскрэсенскай гары). Па інтэнсіўнасці буд. дзейнасці ў пач. 13 ст. Смаленск займаў гал. месца сярод арх.-буд. цэнтраў Русі. Смаленскія майстры пабудавалі цэрквы Спаскую ў Старой Разані, Пятніцы на Таргу ў Ноўгарадзе (1207), на Узнясенскім спуску ў Кіеве. Эпідэмія 1230, ваен. падзеі спынілі развіццё С.ш.д.

Літ.:

Смоленск: [Фотоальбом]. М., 1988.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Да арт. Смаленская школа дойлідства. Царква Міхаіла Архангела (Свірская). 1191—94.

т. 15, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)